НІЗЯ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — крас. 1942 у вёсках Нізяны і Паўлаўшчына Поразаўскага (цяпер Ваўкавыскага) р-на. Аб’ядноўвала 12 чал. (кіраўнік М.І.Амшэй). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, 7.11.1941 у гадавіну Кастр. рэвалюцыі вывесілі чырв. сцягі ў Нізянах і інш. вёсках, псавалі тэлеф. сувязь акупантаў, ратавалі сав. ваеннапалонных, збіралі і перадавалі партызанам зброю, прадукты харчавання, медыкаменты, адзенне. 29.4.1942 фашысты арыштавалі і пасля катаванняў у чэрв. расстралялі падпольшчыкаў. У Ваўкавыску на іх магіле, у в. Нізяны ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнікі.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)